| Спадар Беларус-Кропачка ( @ 2007-11-20 20:30:00 |
| Entry tags: | думкі, народ, сябры |
Мой народ.
Мой народ - народ, дзе людзі хворыя на вечнае дзяцінства. Надзьмуваюцца ад гонару, што ведаюць беларускую, прымаюць усенькія мовы, ды толькі не райсейскую. Пытаесься: чаму? - адказам бурчаньне. "Яно мне балюча робіць!" Ці можа мова рабіць балюча? Ці мова вінаватая ў тым, што ейныя валадары сябе паводзяць некарэктна? Ды і потым - ці збольшага? Расейцы - цудоўныя людзі, яны таксама невінаватыя, што маюць такую ўладу, што маюць праявы такіх пачварных зьяваў, як нацызм. Гэтага і ў нас у краіне хапае - ці гэта нагода да непавагі нас, беларусаў і мовы нашае? Ці іхная, гэтых пантакалацільных беларусаў, імпэрскасьць, ня ёсьць тою самаю заганаю? Брыдота суцэльная. Ці самым вам ня брыдка? Ды чым вы ляпей за тых бээрэсэмаўцаў, ўрэшце рэшт?!
Няўжо вы бачаце сур’ёзную розьніцу між чалавекам, што ідзе па вуліцы Менску і здольны рагатаць зь беларускае мовы, і тым, што нібыта-бы лічыць сябе "элітарным", "разумным", ды пры гэтым не паважае расейскую?
Сымон Будны пісаў: "Глупствам зьяўляецца - пагарджаць моваю аднэй краіны, а словы другой узносіць пад нябёсы". Багушэвіч казаў, што "Мова нашая ёсьць такая-ж людзкая й панская, як і пранцуская, як і нямецкая, як і іншая якая." Дык што, расейская - ня "іншая якая"? Ці мо ня мова можа? Можа, досыць камплексаваць з нагоды ўласнае непаўнавартасьці, га, беларусаве?! Сьвет занадта вузкі. Калі мы пачнем будаваць у ім узаемную непавагу замест гармоніі - дзе мы жыць будзем? Ці вартыя вашыя максымалісцка-нацыяналістычныя закідоны нашае матухны-Зямлі? Падумайце! Калі не дзеля сябе - дык прынамсі дзеля нашых дзяцей. Ім тут жыць, ім тут расьці і будаваць нашую з вамі будучыню. Я не жадаю будучыні на крыві. Няхай нават і маскальскай. Па-сутнасьці, мне ўсё роўна. Што лях, што маскаль, што жыд, што нэґр, што таджык - а перадусім усё-ж Чалавек. Дык будзьма-ж і мы Чалавекамі, бо не на згубу нам дадзенае гэтае званьне! Будзьма-ж разважлівымі і цьвярозымі!
Дзякую за ўвагу, калі гэтакая мела мейсца.